Замежным заўзятарам дазволілі спажываць мэдыцынскі канабіс падчас Эўрапейскіх гульняў
Мы атрымалі адказы на нашыя звароты па пытаньні выкарыстаньня кантраляваных рэчываў замежнымі заўзятарамі падчас Эўрапейскіх гульняў у Менску.
Памежны камітэт даў разгорнуты адказ, дзе патлумачыў, што кантраляваныя рэчывы, такія, напрыклад, як амфетамін і канабіс, можна правозіць на тэрыторыю Беларусі ў выглядзе лекавых сродкаў для асабістага прымяненьня па мэдыцынскіх паказаньнях, пры наяўнасьці пацьвярджаючых дакумэнтаў з пазначэньнем назвы і колькасьці прэпарату. Пераклад дакумэнтаў павінен быць натарыяльна завераны. Такімі дакумэнтамі могуць з’яўляцца выпіска з мэдыцынскай дакумэнтацыі пацыента ці рацэпт доктара. Дапускаецца ўвоз наркатычных сродкаў у колькасьці, якая не перавышае тыднёвую патрэбу, а псыхатропных рэчываў — ня больш за 90 разавых дозаў. Пры ўвозе такіх рэчываў неабходна будзе запоўніць пасажырскую мытную дэклярацыю.
У адказе Міністэрства ўнутраных справаў пазначана, што «для правядзеньня II Эўрапейскіх гульняў прынятыя ўсе неабходныя меры па аналёгіі з чэмпіянатам сьвету па футболе 2018 году».
У той жа час, Міністэрства аховы здароўя ў сваім адказе падкрэсліла, што яно «ніколі не падтрымлівала ідэю выкарыстаньня канабісу, прэпаратаў на яго аснове і амфетаміну ў мэдыцынскіх мэтах і не плянуе іх легалізацыю шляхам унясеньня зьменаў у Рэспубліканскі пералік».